Выставу «Гадзіна мовы» прэзентуюць Мінскі гадзіннікавы завод і Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Да Міжнароднага дня роднай мовы, якi адзначаецца 21 лютага, у Музеі кнігі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Гадзіна мовы». Аб гэтым карэспандэнту агенства «Мiнск-Навiны» паведамiў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

Фото nlb.by
На выставе ўпершыню будуць прадстаўлены 7 мадэляў гадзіннікаў лімітаванай калекцыі «Мова», выпушчаныя ў 2019–2022 гг.
Апошнія рэлізы калекцыі прысвечаны народнаму паэту Беларусі — Пімену Панчанку з нагоды 105-годдзя з дня яго нараджэння. За аснову дызайну Мінскі гадзіннікавы завод узяў першы зборнік вершаў паэта — «Упэўненасць» 1938 г., у якім усхваляецца хараство і багацце роднай зямлі.
Прыхільнікам беларускай літаратуры добра вядома імя П. Панчанкі — паэта і публіцыста, крытыка і перакладчыка. Галоўнае ў яго творчай спадчыне — вершы, у якіх выказваюцца думкі і надзеі эпохі, адлюстроўваецца багатая гама чалавечых пачуццяў. Яго паэзія, непаўторная і глыбока нацыянальная, назаўжды ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры мінулага стагоддзя.
На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць унучка паэта Кацярына Панчанка, дызайнеры і аўтары калекцыі «Мова» з Мінскага гадзіннікавага завода.
Адкрыццё выставы адбудзецца 21 лютага а 16-й гадзіне ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Уваход на адкрыццё вольны, у іншыя дні ўваход — па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра. Экспазіцыя будзе працаваць у Музеі кнігі (пам. 347) да 21 сакавіка.
Смотрите также:
Источник: minsknews.by