Вядомы дырыжор Аляксандр Крамко — пра тонкасці творчасці і музычны імпэт

0 57

Ён не можа без музыкі. У яго руках заўсёды ёсць інструмент, прытым розны. А дома — імправізаваны музей музычных інструментаў, кожны з якіх для маэстра важны і любімы. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор, прафесар, кавалер ордэна Францыска Скарыны, а таксама ордэна Пашаны Аляксандр Крамко за тыдзень да Новага года адзначыў 60-гадовы юбілей. Увесь гэты час ён аддадзены любімай справе, бо валодае талентам адчуваць музыку. Як гэта — даведалася карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Вядомы дырыжор Аляксандр Крамко — пра тонкасці творчасці і музычны імпэт
— Аляксандр Яўгенавіч, адкуль у вас любоў да музыкі?

— З дзяцінства. Калі мяне прыводзілі ў цырк, вочы на арэну былі звернутыя толькі тады, калі выходзілі клоуны, бо музыка не гучала. Я глядзеў туды, дзе стаяў Міхаіл Фінберг, і не мог адвесці позірку ад інструментаў — труб, трамбонаў, саксафонаў. І нездарма. Ужо потым, на базе штатнага аркестра ў Пячах, калі служыў у арміі, я стварыў бэнд: пяць саксафонаў, чатыры трамбоны, чатыры трубы, рытм-група. На вялікія канцэрты запрашалі таксама скрыпічную групу вядомага тады на ўвесь Савецкі Саюз ансамбля песні і пляскі «Тачанка». Спяваў з намі і жаночы савет. А яшчэ выступалі акрабаты, якія служылі ў ротах. Вось такі пры 78-м палку быў мой бэнд.

Сам я ў арміі іграў на валторне. Выходзілі на якое-небудзь спартыўнае свята, і аркестр таксама. Усе на лыжах бегаюць, а мы адзін марш сыграем, другі. Камандзір палка любіў музыку: «Гэй, мужыкі, харош толькі маршы іграць, давайце нешта сучаснае: Пугачову, Лявонцьева». А на слух ігралі не ўсе. Сярод тубістаў дакладна ніхто. І я кідаў валторну і браў тубу. Губы хутка прыходзілі ў норму. Але ўжо пасля тубы на валторне адразу (з паўгадзіны) сыграць не атрымлівалася, бо вусны добра прыпухалі і ў муштук не ўлазілі (смяецца).

— А як склалася ваша музычная кар’ера пасля арміі?

— У 1984 годзе скончыў Інстытут культуры. У мяне было шмат прапаноў ад розных калектываў. Але я не хацеў працаваць у нейкім пэўным жанры, а вось у аркестры — іншая справа: сёння адну музыку іграеш, заўтра — іншую, яму ўласцівая разнапланавасць. Калі ж я яшчэ служыў, мной зацікавіўся Міхась Казінец. Перадалі, што ён хоча са мной пагаварыць. І вось аднойчы, калі я быў на грамадзянцы, зайшоў да яго і… не выйшаў. Так і асеў тут. Са мной, дарэчы, служылі такія знакамітыя музыканты, як Андрэй Андрэйчыкаў, які цяпер іграе ў ансамблі танца, лідар групы «Яблычны чай» Ігар Сацэвіч, фагатыст з сімфанічнага аркестра Уладзімір Аляшкевіч.

Вядомы дырыжор Аляксандр Крамко — пра тонкасці творчасці і музычны імпэт
— Валодаючы адметным музычным талентам, няйнакш вы не абышлі і вяселлі.

— На вяселлях iграў каля 30 гадоў, з першага класа — недзе з 1968 года. У асноўным быў клавішнікам у сваёй групе, але з сабой меліся і саксафон, і кларнет, і скрыпка. Маю групу любілі. Калі мы былі занятыя, дык вяселле нават пераносілі — абы толькі гралі мы. Калі з іншымі на вяселлі працаваў, дык на чым толькі ні граў: на бас-гітары, гітары, барабанах.

— Вы на «ты» з любым інструментам!

— У мяне дома іх штук 50, самых розных. Іграю на домры, балалайцы, кларнеце, фагоце, габоі, валторне. Пішу для гэтых інструментаў, не проста ведаючы іх дыяпазон, а беручы пад увагу іх найлепшыя бакі. Бо ведаю, як яны гучаць. У Маскве ёсць аркестр рускіх народных інструментаў імя Осіпава, мяне часам запрашаюць. З імі ездзіў за мяжу на форум славянскіх культур. Яны мне заказвалі аранжыроўкі. Асабліва здзівіліся, калі я першы раз зрабіў: «Хто пісаў: дамрыст, балалаечнік, баяніст? Адкуль вы ўсё так дакладна ведаеце? Так усё граматна напісана!»

Вядомы дырыжор Аляксандр Крамко — пра тонкасці творчасці і музычны імпэт
— А ці ёсць сярод гэтага багацця інструментаў самы дарагі, любімы?

— Немагчыма так вылучыць. Гэта як з музыкай: сёння мне захочацца паслухаць казахскую домбру, а заўтра — малдаўскую сырбу, а потым Чайкоўскага, яшчэ Мусаргскага, а затым Каўнта Бэйсі паставіць ці Поля Марыа, Джэймса Ласта альбо ВІА «Спяваючыя гітары», «Арыэль», «Песняроў»… Інструменты бяру ў рукі штодзень. Зразумела, што на ўсіх за дзень не перайграю, але хоць пару акордаў на гітары ці фартэпіяна вазьму дакладна. Бывае, проста хаджу, з жонкай размаўляю і бяру гітару найграць сёе-тое. Калі пачую штосьці новае, то мне няважна, на якім інструменце гэта ўвасобіць і ў якой танальнасці. Трэба «Малінаўку» — напрыклад, на домры ў любой танальнасці (іграе). Часам хочацца ўзяць скрыпку, іншы раз на домры пастракатаць або на балалайцы. Імправізую і на фартэпіяна. Бывае, дастану кларнет, або саксафон, або баян, i ўсё атрымліваецца натуральна, рукі самі цягнуцца.

Вядомы дырыжор Аляксандр Крамко — пра тонкасці творчасці і музычны імпэт
— Што падарыла вам любоў да музыкі акрамя душэўнага наталення?

— Цікавыя сустрэчы. Музыка аб’ядноўвае, раскрывае душу. Вельмі каштоўныя для мяне творчыя адносіны з салістамі нашай філармоніі. Рабілі канцэрты з Алегам Маўчанам. Калі ў Беларусь прыязджаў Жэрар Дэпардзье, нашы шляхі таксама перасякліся…

Падрыхтавала Наталля Святлова

Фота з асабістага архіва Аляксандра Крамко

Источник: minsknews.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.